Hurma адлятае ў Штаты (аўдыёпрэм’ера)
З нагоды прэм’еры новай песьні «Птушка» лідэр гурту Hurma Мікіта Найдзёнаў заявіў, што зьбіраецца зьехаць у ЗША.
У песьні «Птушка» ўладальнікі прэміі «Дэбют-2013» ад парталу Tuzin.fm вырашылі паэкспэрымэнтаваць з гучаньнем. Песьня сапраўды выйшла асаблівай, з больш жорсткай і хвосткай падачай, зусім непадобнай да таго, што гурт паказваў раней. Мікіта Найдзёнаў з гэтай нагоды нават пажартаваў, што цяпер яго каманду будуць больш слухаць хлопчыкі. «Пры канцы трэку наша гучаньне набліжаецца да Muse і 30 Seconds to Mars», — зазначае музыка ў інтэрвію сайту Onliner, дзе Hurma была прадстаўлена, як «клясычны бойз-бэнд».
Песьня «Птушка» прысьвечаная эмігранцкай тэматыцы. З нагоды яе прэм’еры Мікіта прызнаўся, што і сам сапраўды зьбіраецца зьехаць у Штаты ды паспрабаваць там займацца музыкай. Каб потым вярнуцца і пачаць працаваць на Радзіме па-іншаму.
Жывая прэзэнтацыя сынглу «Птушка» адбудзецца ў межах вялікага сольнага канцэрту гурта Hurma ў клюбе «Піраты» 28 траўня.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ