Марыя Лагодзіч адрадзіла праект «Яр» (аўдыё)
Празь перапынак у сем гадоў гурт прадставіў новы трэк.
«„Яр“ вярнуўся сапраўды», — кажа Марыя, прадстаўляючы самотнік «Я скакала», запісаны ў дуэце з Алесем Катом-Зайцавым з гурта BosaeSonca. У запісе таксама ўдзельнічае Аляксандар Верны, бас-гітарыст гурту «Фляўс і Кляйн». Песьня паўстала ў выніку супрацы музыкаў на фэстывалі воркшопаў Singetreffen-2015 у Турынгіі.
Лагодзіч і Верны пачалі працу над іншымі трэкамі. Усяго абноўлены «Яр» мае каля 8 песень, які ў хуткім часе будуць даведзеныя да ладу. Праект паўстаў у 2002 годзе, як дуэт Машы «Яр» Лагодзіч ды Натальлі Пятровіч. У гэтым жа годзе дзяўчаты запісалі EP, атрымалі Гран-Пры і прыз глядацкіх сымпатыяў на фэсьце Mikolajki Folkowe ў Польшчы, апярэдзіўшы Зьмітра Вайцюшкевіча. Апошні паўнавартасны канцэрт «Яр» даў на фэсьце Be Free ў Львове ў 2008 годзе. Натальля працуе цяпер намесьнікам дырэктара Магілёўскага музычнага ліцэю. Пакуль не плянуецца яе далучэньне да новага «Яру», але ў будучыні супраца Машы і Натальлі не выключаецца.
Tuzin.fm, фота Ціма Скібенкі
КАМЕНТАВАЦЬ