2801 / 1
29.05.2014

Клімаў і Падбярэзскі пра выхад са складу штатных аўтараў Experty.by

Кіраўнік сайту Experty.by Зьміцер Безкаравайны абвесьціў пра тое, што сузаснавальнікі праекту Зьміцер Падбярэзскі і Алег Клімаў перайшлі з штатных аглядальнікаў у пазаштатныя.

«Гэта было няпростае, але важнае рашэньне, якое дапаможа далейшаму разьвіцьцю. Ідэя ў тым, каб склад штатных экспэртаў адлюстроўваў больш малады пункт гледжаньня на беларускую музыку», — патлумачыў Зьміцер Безкаравайны рашэньне, якое ён папярэдне ўзгадніў як са Зьмітром і Алегам. Такім чынам, у праекце застаюцца чацьвёра штатных экспэртаў — акрамя Безкаравайнага гэта галоўны рэдактар Tuzin.fm Сяргей Будкін, рэдактар Ultra-music.com Аляксандар Чарнуха і аўтар блогу Broken CD Ягор Цывілька.

Зьміцер Падбярэзскі ў камэнтары для Tuzin.fm зазначыў з гэтай нагоды: «Нічога вечнага не бывае, апрача сьвятога духу. Усё нармальна. А крытыка нікуды ня зьнікне, пакуль будзе існаваць прадмет крытыкі». Колішні галоўны рэдактар «Музыкальной газеты» Алег Клімаў прызнаўся «Тузіну», што сам неаднаразова зьбіраўся пакінуць склад «экспэртаў». «Пра ўсе матывы, што прывялі да такога рашэньня, у адрозьненьне ад афіцыйнай заявы Дзьмітрыя, у мяне ёсьць сваё меркаваньне. Калі капаць глыбей і сыходзіць з рэаліяў хоць бы мінулага году, то ў заяве ёсьць лягічная няўвязка. Крыўдаў ніякіх, каб на ўсё астатняе жыцьцё, у мяне не засталося. Зьмітру пажадаў у нашай прыватнай размове ня парыцца на мой конт».

Зьміцер Падбярэзскі і Алег Клімаў застануцца ў праекце ў якасьці пазаштатных экпэртаў і сябраў вялікага журы. Праўда, Алег зазначыў, што хутчэй за ўсё ён адмовіцца і сыйдзе з праекту зусім.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: