Хто такая Віталіна Рудзікава, якая забараніла гурт Amaroka?
7588 / 0
29.05.2014

Хто такая Віталіна Рудзікава, якая забараніла гурт Amaroka?

Віталіна Ўладзімераўна курыруе пытаньні культуры ў Менгарвыканкаме і ведае пра забароны на беларускую рок-музыку ўсё. Толькі пакуль ня кажа.

Віталіна Рудзікава нарадзілася ў 1966 годзе. Скончыла спэцыяльную музычную школу пры беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі (1981), музычную вучэльню імя Глінкі ў Менску (1984). Па сканчэньні вучэльні пабралася з вайскоўцам ды паехала ў Расею, потым у Прыбалтыку. Па вяртаньні паступіла на факультэт культуралёгіі Інстытуту культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў), які скончыла ва ўзросьце 32 гадоў. Падвысіла кваліфікацыю ў Акадэміі кіраваньня пры прызыдэнце РБ. Віталіна Ўладзімераўна выдатна грае на фартэпіяна, пэўны час выкладала гэты інструмэнт. Але ўрэшце рэшт пайшла ў чыноўнікі. З 2010 году яе абавязалі кантраляваць пытаньні культуры ў Менску, пасьля аб’яднаньня розных аддзелаў мясцовай улады яе пасада гучыць так: «Першы намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі — начальнік упраўленьня культуры Менгарвыканкаму».

У рэдкім неафіцыёзным інтэрвію, чыноўніца прызналася, што да крытыкі ставіцца ня надта памяркоўна, але канструктыўна, выкарыстоўвае заўвагі на карысьць працы: «Калі мяне крытыкуюць, то шукаю ў першую чаргу прычыну ў сабе, аналізую», — кажа яна.

У час, калі пасьля выбараў-2010 з новай сілай пачалі дзейнічаць забароны на творчасьць шэрагу беларускіх рок-выканаўцаў і з надуманых прычынаў адмяняцца іх канцэрты, мы зьвярталіся па тлумачэньні да Віталіны Ўладзімераўны, але ў адказ атрымалі адпіску, што ніякіх парушэньняў ня выяўлена.

Пісьмовая адмова гурту Amaroka ў гастрольным пасьведчаньні, падпісанае Віталінай Рудзікавай, фактычна першае наўпроставае афіцыйнае пацьверджаньне таго, што ў Беларусі існуе забарона на творчасьць шэрагу мясцовых рок-камандаў.

Tuzin.fm