2272 / 0
04.07.2014

Foster the People абралі новы гурт Алеся Ката-Зайцава ў супорт (відэа)

Гурт Fridance падтрымае першы канцэрт амэрыканскай індзі-рок каманды ў Расеі.

Foster the People здыбылі славу дзякуючы песеньцы «Pumped up Kicks», цяпер яны даюць канцэрты ў падтрымку свайго другога альбому «Supermodel». У Беларусь іх пакуль яшчэ паклікаць не наважыліся, у Расеі яны дагэтуль таксама ня гралі. Тамтэйшыя СМІ пішуць, што амэрыканцы вельмі патрабавальныя ў тэхнічным пляне, «амаль як Мадонна».

Гурт Fridance з вакалістам Алесем Катом-Зайцавым (BosaeSonca) на чале адыграе свой сэт перад выхадам на сцэну амэрыканцаў. «Я й сам пакуль ня ведаю падрабязнасьцяў, бо толькі ўвечары дазнаўся, што мы выступаем. Ведаю, што гурт для разагрэву Foster the People абiралi самi. Доўга абiралi, нiчога iм не падабалася, але ўчора адказалi, што абралi нас. Такi камплiмэнт ад гурта ix узроўню хiба не прыемней за сам той факт, што будзем грэць ixняе шоў. Ёсьць прыемнае хваляваньне з-за таго, што навiна гэтая досыць спантанная. Але мы ўжо гралi на такix буйных пляцоўках i з зоркамi на адной сцэне, таму ўсё будзе крута!» — заявіў Алесь у інтэрвію Tuzin.fm.

Канцэрт Foster the People пры падтрымцы Fridance адбудзецца 8 ліпеня ў піцерскім клюбе «А2».

Tuzin.fm

Тэгi: