
12-ы музычны сэзон на Tuzin.fm стартуе 12 верасьня
Галасаваньне ў аўдыё, відэа і альбомным чартах пачнецца ў гэтую пятніцу.
Сэзон 2014—2015 для Tuzin.fm ужо 12-ы па ліку. Першы тур галасаваньня стартаваў у 2003 годзе, зь мінулага сэзону наш партал цалкам абнавіўся і да звыклага песеннага чарту дадаліся яшчэ гіт-парад кліпаў беларускіх выканаўцаў і чарт альбомаў. Такім чынам, 12 верасьня распачнецца галасаваньне ва ўсіх трох чартах.
Гіт-парад адкрые спэцыяльны «Re:Песьняры-тур» з нагоды 45-годзьдзя ансамблю «Песьняры». У ім возьмуць удзел трэкі з праекту, які адмыслова падрыхтаваў да гэтай даты наш партал разам з партнэрамі з грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і фонду «Вяртаньне». На вялікі жаль, толькі 9 песень (+рэп-пасланьне «Думалі») замест плянаваных 12. Падчас працы над праектам уладальніца правоў на песьні аўтарства Ўладзімера Мулявіна Сьвятлана Пенкіна забараніла сучасным музыкам выконваць гэтыя творы. У той жа час кампазытары Ігар Лучанок, Сяргей Картэс, дачка кампазытара Юрыя Семянякі далі свой дазвол. Таму 10. Праз два тыдні галасаваньня, калі абярэм найлепшую песьню трыб’юту па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm, цалкам абновім гіт-парад і распачнем звычайны першы тур. Па традыцыі, ён будзе цягнуцца 14 дзён. Апошнія тры песьні пакідаюць тур, на іх месца заходзяць тры новыя. Галасаваць можна штодня за адну, дзьве або тры пазыцыі. Традыцыйна дзеля аб’ектыўнасьці і справядлівасьці просім рабіць гэта сумленна і не накручваць галасы сваім улюбёнцам. Накруткі вельмі проста адсачыць і скасаваць.
Відэачарт і чарт альбомаў пачнуць працу ў штатным рэжыме. У кожным туры будзе па 12 удзельнікаў. Па выніку галасаваньня стане вядомы «Кліп месяца» і «Альбом месяца». Кліп і альбом, якія апынуліся на апошнім прыступцы, саступаюць месца ў наступным туры навічкам.
І яшчэ добрая навіна: плянуем да выданьня традыцыйную CD+MP3 складанку «Прэм’ер Тузін» з найлепшымі песьнямі сэзону, сёмую па ліку. Яе рэліз плянуецца прымеркаваць да даты 12.12.2014.
Рэдакцыя Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ