Скрыпа з žygimont VAZA анансуе выхад блюзавай трылёгіі (прэм’ера песьні!)
2356 / 0
04.11.2014

Скрыпа з žygimont VAZA анансуе выхад блюзавай трылёгіі (прэм’ера песьні!)

Музыка выкладае ў сеціва адразу тры альбомы свайго праекту The Blue Devils.

The Blue Devils — праект Сяргея Скрыпнічэнкі, лідэра гурта žygimont VAZA. Музыка кажа, што заснаваў яго пасьля таго, як вырашыў паставіць кропку ў «жыгімонтаўскай» эпапеі. За гэты час ён запісаў тры альбомы, якія ўрэшце рэшт вырашыў прэзэнтаваць. Гаворка пра «Blue Hangover» (2009), «Sold Time» (2012) і «Swamp Stories» (2014). Нягледзячы на ангельскамоўныя назвы рэлізаў, усе песьні напісаныя на беларускай мове. Лучыць працы блюзавая стылістыка і агульная канцэпцыя: «Я ствараю пэўны матэрыял, зьвяртаючыся да блюзавых і блюз-рокавых прынцыпаў ці клішэ, аднак пачуваюся вольна і не падпадаю пад дамінаваньне ўласна музычнае формы», — кажа музыка. Ён называе гэтую трылёгую «Прысьвячэньнем», прычым прысьвячэньнем менавіта жывым — усім сябрам, калегам, якія прысутнічаюць у гэтым сьвеце. «Гэта даніна памяці залатым часам юнацтва і раньняе маладосьці. Калі мары і летуценьні шмат каго з нас не выглядалі наіўнымі, а здаваліся досыць рэальнымі ва ўласнае рэалізацыі», — зазначае Скрыпа.

Рэліз усіх трох альбомаў The Blue Devils адбудзецца ў суботу, 7 лістапада на асабістым сайце Сяргея Скрыпнічэнкі.

Адзін з трэкаў — «Так доўга» з альбому «Blue Hangover» публікуецца ўпершыню адмыслова для наведнікаў Tuzin.fm.

Tuzin.fm