
Haina: «Нам няма з каго браць прыклад, бо такіх гуртоў не існуе» (аўдыё/відэа)
Рок-трыё зь Менску з баяністам Ільлём Паплёўкам на чале выдала дэбютны альбом «Прыцягненьне».
Гэты гурт унікальны тым, што выконвае рок-музыку, але пры гэтым не выкарыстоўвае гітары. З дапамогай баяну, скрыпкі ды бубнаў музыкі запісалі 11 трэкаў для свайго дэбютнага альбому (да гэтага быў выдадзены яшчэ міні-альбом «Мішэні»). Haina атрымала магчымасьць папрацаваць 50 гадзінаў на студыі «Осмос» у якасьці прызу за перамогу ў намінацыі «Дэбют-2014» на прэміі «Даём рады», якую ладзіць «Еўрарадыё». І вынікам засталіся задаволеныя. «Відавочна, музычны шлях, што мы выбралі — ня з самых простых. Наша ідэя вымагае бясконцага самаўдасканаленьня і разьвіцьця. Па сутнасьці, браць прыклад нам няма з каго, бо такіх гуртоў больш не існуе», — заявіў лідэр каманды Ільля Паплёўка ў камэнтары для Tuzin.fm.
Музыка называе альбом «Прыцягненьне» падагульненьнем ужо зробленага і мастком у будучыню. «Па шчырасьці, калі мы толькі пачыналі выступаць, ня мелі аніякага пляну дзеяньняў ды наогул не былі пэўнымі, што ў нас нешта атрымаецца. Цяпер у нас упэўненасьці паболела і мы сасьпелі ўжо для вялікіх канцэртаў», — кажа Ільля.
Прэзэнтаваць альбом ужывую музыкі плянуюць на пачатку 2016 году. Сачыце за афішаю на Tuzin.fm.
Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта
Паважаныя музыкі, а якім чынам вы запісвалі басовую партыю? Здаецца гэта не бас-гітара гучыць.
Выкарыстоўваўся адмысловы дадатковы мікрафон унутры баяна для запісу басовай партыі. Неяк так, падаецце, Ільля распавядаў.
КАМЕНТАВАЦЬ