Андрэй Хадановіч прысьвяціў песьню 25-годзьдзю падзеньня бэрлінскай сьцяны (прэм’ера!)
Паэт і сьпявак прадстаўляе на Tuzin.fm кампазыцыю «Муры» з аднайменнага дыску, запісанага на словы Яцэка Качмарскага.
Хадановіч упершыню прасьпяваў беларускую вэрсію «Муроў» на Плошчы-2010. Гэта пераклад аднаго з галоўных гітоў польскай «Салідарнасьці» ў выкананьні Яцэка Качмарскага (арыгінал можна паслухаць тут). Яшчэ раней — у 1968 годзе вэрсія «Муроў» на каталёнскай мове гучала падчас змаганьня з дыктатурай Франка. Беларускі перакладчык і выканаўца гэтай песьні мяркуе, што яна пасуе і да іншай гістарычнай падзеі — падзеньня бэрлінскай сьцяны. 9 лістапада споўнілася 25 гадоў з таго дня, як былі разбураны муры. «Мяркую, што з гэтым фактам варта павіншаваць усіх беларусаў. Калі Луіс Льяк сьпяваў сваю песьню, ён ня ведаў, як хутка будзе дазволеная яго родная каталянская мова й скончыцца дыктатура Франка. Калі сьпяваў Качмарскі, ён ня ведаў, як хутка рухне бэрлінскі мур, Польшча зробіцца свабоднай, а Савецкі Саюз лясьнецца. Яны ня ведалі, але добра зрабілі сваю справу. Перакладаючы й сьпяваючы, я хацеў працягнуць гэтую „эстафэту“. Мы таксама ня ведаем, як хутка і які плён будзе мець тое, што мы робім», — зазначыў Андрэй з нагоды прэм’еры cтудыйнай вэрсіі гэтай песьні на Tuzin.fm. Песьня была запісана на берасьцейскай студыі «Паветра». Да запісу трэку спрычыніліся: Віталь Эпаў і Любоў Эпава (клявішы і аранжыроўка), Андрэй Еўдакімаў (гітара), Аляксандар Буцько (акардэон), Андрэй Багданаў (запіс, зьвядзеньне, майстарынг).
Андрэй Хадановіч запісаў цэлы дыск на ўласныя пераклады Яцэка Качмарскага, які нядаўна выйшаў у Польшчы. Яго прэзэнтацыя адбудзецца 12 лістапада ў галерэі «Ў».
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ