Re1ikt прысьвячае новы альбом лекавым травам (відэа)
Удзельнікі гурта Re1ikt скончылі працу над напісаньнем песень для свайго новага альбому.
Са словаў лідэра і бубнача каманды Алеся Дземідзенкі, папярэдне мяркуецца ўключыць у будучы дыск 14 кампазыцыяў, аб’яднаных адной канцэпцыяй. «Наш альбом будзе прысьвечаны беларускім лекавым травам. Мы абяцаем новы рэліз ужо трэці год, але ўвесь час шліфуем і дапрацоўваем матэрыял, бо мы пэрфэкцыяністы і жадаем дасягнуць максымальна магчымага выніку. Зьбіраемся зрабіць прэпрадакашн, запісаць дэма, адслухаць, адкарэктаваць, сфармаваць канчатковы плэй-ліст, а потым ужо запісаць у студыі ўсур’ёз», — сказаў музыка ў камэнтары для Tuzin.fm.
Вядома, што ў пакуль што безыменны дыск Re1ikt увойдуць апрацоўкі беларускіх народных песень, а таксама ўласныя кампазыцыі. Некаторыя зь іх напісаныя паводле клясычных твораў беларускай літаратуры. Запісаць песьні для альбому музыкі мяркуюць на пачатку 2015 году на студыі «X» у Ольштыне (Польшча).
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ