«Рокаш»: «Наша міталёгія не бяднейшая за кельцкую» (аўдыёпрэм’ера)
5297 / 0
30.12.2014

«Рокаш»: «Наша міталёгія не бяднейшая за кельцкую» (аўдыёпрэм’ера)

Гурт «Рокаш» віншуе сваіх прыхільнікаў з Калядамі і Новым годам і прэзэнтуе на Tuzin.fm сваю новую песьню «Лойма», зь якой заяўляўся быў на адбор да «Эўравізіі».

У сваім новым творы музыкі з «Рокашу» зьвяртаюцца да беларускай міталёгіі. Паводле даўніх мітаў, лойма — лясны дух, які зьяўляецца ў лясным гушчары перад вандроўнікам у вобразе прывабнай дзяўчыны, чарамі прымушае ў сябе закахацца, але пасьля раптоўна зьнікае, прымушаючы хлопца ўсе жыцьцё пакутваць і шукаць яе. «Вельмі хочацца ажывіць багацейшы сусьвет беларускіх легендаў і паданьняў. Калісьці прафэсар Толкіен здолеў на аснове кельцкіх ды германскіх мітаў пабудаваць уласны сьвет, якім захапляюцца мільёны людзей. Нашая міталягічная сыстэма не бяднейшая. Іншая справа, што яна дагэтуль чакае свайго Толкіена», — кажуць музыкі і анансуюць сваю будучую працу, у якой якраз зьбіраюцца ажывіць беларускія міты.

За дапамогу ў зьвядзеньні песьні гурт «Рокаш» дзякуе Дзянісу Голіну. Музыку да «Лоймы» напісаў Алесь Акульчык, а словы — Лявон Казакоў.

«Віншуем усіх з Новым годам ды Калядамі. Няхай надыходзячы год стане для кожнага годам новых адкрыцьцяў, новых дасягненьняў, ну і канечне, няхай у новым годзе зьявіцца болей цудоўнай музыкі!» — зычаць музыкі наведнікам Tuzin.fm.

Tuzin.fm

Тэгi: