Masque Noir выдалі ў Бэльгіі альбом: «Гэта пачатак новай эры ў беларускім імпруве!» (аўдыё)
Запіс канцэрту ў менскім паб-клюбе «Графіці» выйшаў на інтэрнэт-лэйбле Tape Safe.
Альбом складаецца з адзінаццаці арыгінальных кампазыцыяў, пяць зь якіх зробленыя ў калябарацыі з праектам ВОМ-11 («Волшебная одноклеточная музыка» ў выпадковай рэінкарнацыі №11). Яны былі народжаныя падчас канцэрту музыкаў у паб-клюбе «Графіці» 1 верасьня 2014 году. «У Беларусі так цяжка арганізоўваць нешта, прасоўваць і ўвогуле займацца чымсьці, праяўляць ініцыятыву. Вось у музыку ўсё гэта і выплюхваецца. Таксама на яе ўплывае немагчымасьць дамовіцца шмат па якіх момантах паміж сабой, упартасьць у безнадзейным. Ну і крыху неахайнасьці ў завяршэньне», — кажа Tuzin.fm пра прыроду сваёй творчасьці лідэр Masque Noir Фрыд Самотны. У сваёй музыцы ён імкнецца сплавіць панк, рок, джаз ды шэраг іншых кірункаў, супрацоўнічае з такімі выканаўцамі, як Тодар Кашкурэвіч, Віктар Сямашка, гурт «Дрвівы».
Фрыд мяркуе, што гэты альбом можа распачаць новую эру ў беларускай імправізацыйнай музыцы, а таксама даць новы арыентыр для наведнікаў канцэртаў. «Дадзены альбом адрозьніваецца ад шэрагу іншых магутнасьцю падачы, жывой разьняволенай атмасфэрай і арыгінальнасьцю матэрыялу. Да таго ж, гэта цалкам прадукт калектыўнай імправізацыі. У нас вельмі мала гуртоў, што граюць цалкам імправізаваныя сэты. Большая частка зь іх працуе ў стылістыцы experimental, drone, ambient, то бок гэта музыка выконваецца адным-двума, практычна не насычана на падзеі і мала адрозьніваецца ад запісу. Адна справа чуць на канцэрце роўна тое, што ты чуў на мінулым, ці ў запісе. І зусім іншая справа назіраць за нараджэньнем музыкі тут і цяпер», — распавядае Фрыд.
Альбом «Live in Graffiti Pub» можна спампаваць на сайце лэйбла. За навінамі праекту Фрыда Самотнага можна сачыць у афіцыйнай суполцы ў Facebook. У плянах музыкаў выдаць лайв-запісы з выступу на фэсьце «Ионосфера» ў Піцеры ды з грандыёзнага імпруў-канцэрту ў зачыненым ужо клюбе «Таранціна» з удзелам саксафаніста гурта «АукцЫон» Мікалая Рубанава.
29 студзеня Masque Noir дае канцэрт у менскім бары ДК.
Яшчэ: Іншы джаз Фрыда Самотнага
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ