Менскія ідэолягі наведалі канцэрт гурта Dzieciuki, а на «Панк-елку» ўварваўся АМАП
Цэлая дэлегацыя чыноўнікаў наведала канцэрт гурта Dzieciuki. А на наступны дзень у той жа клюб уварваўся АМАП.
На канцэрт гурта Dzieciuki прыйшлі начальнік упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і справаў моладзі адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Сяргей Саскавец, загадчык сэктарам культуры адміністрацыі гэтага ж раёну Яўген Юшко, а таксама намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і справаў моладзі Менгарвыканкаму Сяргей Мядзьведзеў. Чыноўнікі паведамлі, што праводзяць рэйд, пацікавіліся ў арганізатараў канцэрту наяўнасьцю неабходных дакумэнтаў для правядзеньня мерапрыемства. У размове былі падкрэсьлена карэктнымі. Паслухаўшы некалькі кампазыцыяў яны сыйшлі.
На наступны дзень — увечары 10 студзеня — у клюбе «Піраты» таксама адбыўся рэйд. Гэтым разам на канцэрт «Панк-елка-2015» уварваліся байцы АМАПу. Па інфармацыі, атрыманай Tuzin.fm ад сьведак, міліцыянты перапісалі пашпартныя зьвесткі ў прысутных, у тым ліку ў італьянскіх музыкаў з гурта Kalashnikov, які быў хэдлайнэрам мерапрыемства. Некаторых прысутных таксама сфатаграфавалі. Ля клюбу дзяжурылі два аўтазакі, але нікога з наведнікаў канцэрту не затрымалі. Міліцыянты папрасілі прабачэньня за часовыя нязручнасьці. Па неафіцыйнай інфармацыі шукаліся наркотыкі.
Цікавасьць жа да канцэрту гурта Dzieciuki чыноўнікі не патлумачылі, але на пытаньне што для іх самае істотнае — ідэалёгія, культура ці справы моладзі, Сяргей Саскавец адказаў, што ідэалёгія ёсьць найважнейшым.
Фотарэпартаж з канцэрту гурта Dzieciuki
Tuzin.fm
Ёсьць інфармацыя пра затрыманні на "Панк-ёлцы" ад 2 да 4 чалавек, якія прапаноўвалі для азнаямленьня панк-атрыбутыку (дыскі, кнігі, цішоткі), - паведамляе сайт "Вясны-96"
http://spring96.org/be/news/75018
Два чалавекі, затрыманыя на канцэрце, асуджаныя на 10 сутак арышту, адзін - на штраф у 10 б.в. Вінавацяць у дробным хуліганстве. Паведамляе "Хартыя-97" з спасылкай на БелаПАН.
http://charter97.org/ru/news/2015/1/12/134878/
КАМЕНТАВАЦЬ