Эркі Сэпянэн з забароненай у Беларусі групы Kypck: «Прыемна, калі хочуць зразумець глыбіню тваёй творчасьці»
2564 / 0
26.01.2015

Эркі Сэпянэн з забароненай у Беларусі групы Kypck: «Прыемна, калі хочуць зразумець глыбіню тваёй творчасьці»

Лідэр фінскай групы Kypck, якой забаранілі выступаць у Беларусі, даў камэнтар парталу Tuzin.fm.

Kypck меўся выступіць у Менску 5 красавіка ў клюбе Re:Public пры падтрымцы беларусаў з Re1ikt. Адпаведныя дакумэнты на атрыманьня гастрольнага пасьведчаньне арганізатары падалі ў Менгарвыканкам. І моцна падзівіліся, калі чыноўнікі далі адказ — у правядзеньні мерапрыемстве адмоўлена. У творчасьці фінскіх дум-мэталістаў упраўленьне культуры і ідэалёгіі знайшло прапаганду ці тое вайны ці тое экстрэмізму, гэта самая папулярная прычына ў адмове (прыклады тут і тут).

Лідэр гурта Kypck Эркі Сэпянэн, між іншым, выпускнік Оксфарду, былы супрацоўнік фінскай амбасады ў Расеі ды выкладчык расейскай мовы ў Тампэрскім унівэрсытэце, сказаў у камэнтары для Tuzin.fm, што падобны выпадак — першы ў гісторыі яго каманды: «Ніколі не было такога, каб нашы канцэрты забараняліся. У Расеі нас заўжды прымалі зь любоўю, у Чэхіі таксама. На радзіме, канечне, нас ня вельмі любяць праз тое, што пяем па-расейску, але пакуль даюць выступаць». Што канкрэтна магло насьцярожыць беларускіх ідэолягаў у яго творчасьці, Эркі нават не ўяўляе. У глыбіні душы фінскі музыка нават парадаваўся, што невядомыя яму людзі ў выканкаме так прасякнуліся песьнямі Kypck. «Чыноўнікам дзякуй за тое, што яны вывучылі нашы альбомы. Мне гэта вельмі прыемна, таму што шмат хто нават не намагаецца зразумець глыбіню нашых тэкстаў, ці наогул нашай творчасьці. Мы лічым, што яна вартая таго. А зь іх высновамі мне няпроста пагадзіцца. Так, мы хочам змусіць людзей думаць пра няпростыя і неадназначныя тэмы, і выкарыстоўваем пры гэтым нестандартныя музычныя, тэкставыя і візуальныя стылістычныя прыёмы, але наўрад ці можна лічыць, што нашы песьні нясуць небясьпеку».

Гурт Kypck існуе з 2007 году. Мае тры студыйныя альбомы і тры сынглы. Пяе на расейскай мове. Для свайго апошняга альбому «Imena Na Stene» музыкі зрабілі фотасэсію ў Чарнобыльскай зоне. Менавіта на гэтым дыску ёсьць трэк пад назвай «Белорусский снег». Эркі называе гэты твор нават ня песьняй, а расповедам. Яго герой разважае над тым, што дзеецца ў сьвеце ды вандруе па розных месцах, зазіраючы і ў Менск. «Але ў сьне ці на яве адбываецца гэтая вандроўка — сказаць немагчыма», — зазначае музыка. 

Паслухаць песьні гурта можна ў іх афіцыйнай суполцы.

Tuzin.fm