Dzieciuki павіншавалі Картэса па-гішпанску (відэа)
2535 / 0
23.02.2015

Dzieciuki павіншавалі Картэса па-гішпанску (відэа)

Гурт Dzieciuki ўзяў удзел у сьвяточным канцэрце з нагоды 80-годзьдзя народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса, які прайшоў 21 лютага ў камэрнай залі Белдзяржфілярмоніі.

Гарадзенцы адкрывалі другое аддзяленьне вечара. Вядучая канцэрту Наталія Ганул, прадстаўляючы выканаўцаў, зазначыла: «Мы робім неверагодную, немагчымую ні па якіх музычных канонах музычную мадуляцыю ў дзясятую эннай ступені мадуляцыю роднасьці». Перад тым, як сыграць сваю вэрсію песьні «А хто там ідзе» на словы Янкі Купалы і музыку Сяргея Картэса, вакаліст гурта Алесь Дзянісаў павіншаваў юбіляра па-гішпанску — першай роднай мове кампазытара, які нарадзіўся і пражыў першыя 20 гадоў у Паўднёвай Амэрыцы. На меркаваньне гледачоў, гэта быў бадай што самы кранальны момант вечару. Народны артыст надзвычай расчуліўся віншаваньням і падзякаваў музыкам.

«Запрасіць нас у такую кампанію разам з камэрным аркестарам і опэрнымі сьпевакамі, было проста геройскім учынкам. У спадары Картэсе жыве сапраўдны панк-рокер. На такое можа наважыцца нонканфарміст і незвычайны чалавек. І мне было вельмі прыемна зь ім пазнаёміцца і пагутарыць», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm Алесь Дзянісаў.

Акрамя гурта Dzieciuki ў сьвяточным канцэрце ўзялі ўдзел народныя артысты Беларусі Ўладзімер Пятроў, Ігар Алоўнікаў, Натальля Гайда, дзяржаўны камэрны аркестар Беларусі, ансамбль флейтыстаў «Сірынкс», салісты Опэры і акадэмічнага музычнага тэатру.

Яшчэ: «А хто там ідзе?» — Dzieciuki! (аўдыёпрэм'ера!)

Tuzin.fm