Upline: «Мы ня ўліліся ў павольны рух беларускага андэграўнду» (прэм’ера)
2329 / 0
24.04.2015

Upline: «Мы ня ўліліся ў павольны рух беларускага андэграўнду» (прэм’ера)

Менская рок-каманда нагадала пра сябе самотнікам «Надзея».

Гурту  Upline шэсьць гадоў. Музыкі сабраліся разам у 2009 годзе, у 2012-м выдалі дэбютны альбом «Бязь віз», летась EP «Тёмная материя». Пяюць па-беларуску і па-расейску. «За ўвесь час мы так і ня ўліліся ў павольны рух беларускага андэграўнду і застаемся недзе па-над лініяй рок-фронту», — прызнаецца ў камэнтары для Tuzin.fm лідэр гурта Юры Яцко. Але музыкі не бядуюць з гэтай нагоды і працягваюць займацца сваёй справай, не губляюць спадзеў на тое, што іх песьні камусьці прыйдуцца даспадобы.

Уласна новы самотнік «Надзея» якраз пра гэтую вось нескаронасьць абставінам. «У нашым творы мы агучваем банальную ісьціну, што надзея памірае апошняй. Важна ўсьведамляць, што нават калі ўсё складаецца не на тваю карысьць, застаецца непераможная сіла, якая прымушае рухацца наперад», — заяўляе лідэр Upline.

За навінамі гурта можна сачыць празь іх афіцыйную суполку.

Tuzin.fm