The Telegraf: «Этна-трыё Троіца — надзвычайны гурт» (відэа)
Беларускі фольк-гурт выступіў на галоўным фэсьце WOMAD у Вялікабрытаніі, уразіў прэсу і гледачоў ды пазнаёміўся з дачкой Раві Шанкара.
Упершыню ў гісторыі беларускай музыкі, наш гурт выступіў на сцэне галоўнага фэсту WOMAD у Вялікабрытаніі, які заснаваў 36 гадоў таму Пітэр Гэбрыел. Мерапрыемства было занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса, як найбуйнейшы музычны фэстываль у сьвеце — яго рэгіянальныя вэрсіі адбываюцца на некалькіх кантынэнтах. Сёлета этна-трыё «Троіца» выступіла на такім фэсьце ў Чылі, а тры гады таму на WOMAD Russia. У Лёндан музыкі атрымалі запрашэньне яшчэ ў 2014 годзе, аднак тады ім не пасьпелі зрабіць візы. Сёлета беларусаў запрасілі паўторна. Напярэдадні выступу брытанская газэта The Telegraf раіла паслухаць «Троіца»: «Гэта надзвычайны гурт, які грае на 50 інструмэнтах», — вялося ў фэстывальным анонсе.
На фэсьце музыкі пазнаёміліся з Анушкой Шанкар (у цэнтры на фота), якая была адным з хэдлайнэраў фэсту. «Фэстываль WOMAD — гэта вялікае сьвята, дзе ўсе прадстаўляюць культуру сваіх краін і народаў, але пры гэтым зьнікаюць любыя палітычныя межы. Мы самі з задавальненьнем паслухалі некаторых артыстаў. Пасьля выступу падышлі да Анушкі Шанкар і абмяняліся камплімэнтамі — мы вялікія аматары яе творчасьці. Яна выдатна працягвае традыцыі свайго бацькі», — распавёў Іван Кірчук.
У Беларусі этна-трыё «Троіца» можна будзе пачуць 10 верасьня ў межах фольк-фэстывалю «Камяніца-2016». У мерапрыемстве таксама возьмуць удзел гурты «Тарута» (Украіна), «Оле-Лукойе» (Расея), Re1ikt (Беларусь), «Ветах» (Беларусь). Квіткі зьявяцца ў продажы ў сярэдзіне жніўня.
Tuzin.fm, відэа Juliana Voloz
КАМЕНТАВАЦЬ