Дырэктар «Захід» пра адмову Exploited выступаць з Brutto: «Гэта хамства» (абноўлена)
3453 / 3
01.06.2015

Дырэктар «Захід» пра адмову Exploited выступаць з Brutto: «Гэта хамства» (абноўлена)

Заснавальнік украінскага фэсту «Захід» Якаў Матвійчук пракамэнтаваў Tuzin.fm адмову брытанскага гурта Exploited выступаць на адной сцэне зь беларускай камандай Brutto.

Пра адмову ад удзелу ў фэсьце «Захід» гурта Exploited арганізатары вымушаныя былі паведаміць у нядзелю ўвечары, калі атрымалі ліст ад мэнэджмэнта гурта. У ім вядзецца пра тое, што каманда вымушана адмяніць свой канцэрт на фэсьце «Захід» з той прычыны, што ў ім удзельнічае гурт Brutto. У далейшай перапісцы вакаліст гурта Ўоці Б’юкэн патлумачыў, што ён пабачыў «шмат дзярма», зьвязанага з Brutto, таму ня можа сыграць гэтым разам і гатовы прыехаць налета.

«Мы ўспрымаем гэта за хамства, праяву непрафэсіяналізму і звычайнае кідалава, — сказаў парталу Tuzin.fm дырэктар «Західу» Якаў Матвійчук (на фота ў цэнтры). — Мы мелі дамоўленасьць, нам пацьвердзілі выступ і гурт атрымаў ужо ад нас грошы. І такім учынкам яны ня толькі мяне як арганізатара кінулі, але і адвярнулі ад сябе безьліч слухачоў. Гурт такога ўзроўню папросту ня мае права сябе так паводзіць».

Адносна прычыны адмовы выступу, дырэктар «Західу» толькі разводзіць рукамі: «Я ня ведаю, што ім не спадабалася ў Brutto, гэта іх справа. Удзел гурта Міхалка быў даўно абвешчаны яшчэ да пачатку перамоваў Exploited. А тут раптам, калі пайшла рэкляма, узгаднілі райдэры і былі набытыя авіяквіткі, яны згадалі пра Brutto. Дзіцячы садок. З такім падыходам, сур’ёзныя прамоўтэры будуць проста ігнараваць Exploited надалей», — дадаў Якаў Матвійчук.

Фэст «Захід» мае прайсьці з 14 да 16 жніўня ў сяле Радацічы ля Львова.

(абноўлена 03.06 у 12:24) The Exploited даслалі арганізатарам ліст, у якім заявілі пра сваю гатоўнасьць усё ж выступіць на фэсьце разам з Brutto: «Некаторыя мае сябры паглядзелі Brutto, і сказалі, што гурт у парадку. Дзярмовыя плёткі ў інтэрнэце здараюцца і ў ЗША».

Аргкамітэт «Західу» пасьля абмеркаваньня ўсё ж вырашыў The Exploited не вяртаць у лайн-ап. «Па-першае, гурт ня выбачыўся за свае дзіўныя паводзіны. Па-другое, яны не 13-гадовае дзяўчо: то яны едуць, то не, то зноў едуць. Мы ў такія гульні ня граемся. Мы паважаем сябе і сваіх слухачоў і не дазволім так да сябе ставіцца, таму адмаўляемся ад удзелу Exploited у нашым фэсьце», — заявіў парталу Tuzin.fm Якаў Матвійчук.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    01.06.2015 / 22:45

    Чыста для гісторыі, са згоды Яківа Матвійчука лісты ад Exploited (на мове арыгіналу):

    hi
    bad news for you
    the band told me to cancel the show
    reason is they don´t play a festival when brutto playing
    we have enough problems
    sorry

    sorry but we have had so much shit sent to US about this Band and i have Seen utube Videos of them abusing an old man That we Can not Play this gig ,we are Willing to Play next Year for You
    sorry about this Wattie

  • Максiм / адказаць
    02.06.2015 / 13:26

    "abusing an old man"
    пра што гэта? якiх такiх старых яны абражалi?

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    02.06.2015 / 16:57

    Гэта застаецца таямніцай. Ёсьць падставы думаць, што Б'юкэна проста дэзінфармавалі. Прынамсі, пакуль пра існаваньне відэа з удзелам Brutto з абразай старых, нічога не вядома.

  • КАМЕНТАВАЦЬ