
Зьміцер Вайцюшкевіч прэзэнтуе альбом у Менску ў закрытым фармаце. Уваход па запісе
Ва ўмовах забароны на прафэсію выканаўца з посьпехам прадстаўляе свой новы альбом «Наша песьня».
Жывая прэм’ера праграмы прайшла ў Вільні 6 чэрвеня пры поўным аншлягу. У новы дыск увайшлі 12 песень на вершы беларускіх паэтаў розных часоў, у тым ліку на вершы Багдановіча, Арсеньневай, Русака і Някляева. Сярод іх і нядаўна прэзэнтаваная на Tuzin.fm кампазыцыя «Жыве Беларусь», а таксама новыя вэрсіі песень «Я нарадзіўся тут», «Магутны Божа», «Сьцяг».
Нягледзячы на тое, што канцэрты на Радзіме Вайцюшкевічу катэгарычна даваць забаронена, выканаўца вырашыў сустрэцца з сваімі прыхільнікамі і прэсай. «Я выдатна разумею, што ў Вільню па розных прычынах змаглі прыехаць ня ўсе. Канцэрт у Менску зладзіць мы ня можам, таму давайце хоць проста сустрэнемся і пагамонім», — заявіў Зьміцер.
Уваход на сустрэчу бясплатны, але толькі па папярэднім запісе. Пачатак сустрэчы ў чацьвер, 11 чэрвеня а 19-й гадзіне. Галерэя TUT.BY знаходзіцца па адрасе: праспэкт Дзяржынскага, 57, 9 паверх (БЦ «Амэга Таўэр», ст. м. «Міхалова»).
Заяўкі на ўдзел дасылайце на адрас media@tutby.com з пазнакаю ў тэме «Вайцюшкевіч». Заяўкі прымаюцца да 11:00 11 чэрвеня. У адказ на заяву вы мусіце атрымаць ліст з пацьверджаньнем. Увага! Колькасьць месцаў абмежаваная!
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ