Рэпэр Pan запісаў альбом «Сьлёз няма»: «Гэта мая споведзь» (прэм’ера)
2552 / 0
23.07.2015

Рэпэр Pan запісаў альбом «Сьлёз няма»: «Гэта мая споведзь» (прэм’ера)

Выканаўца сам піша музыку, тэксты, сам сябе запісвае і здымае кліпы.

Рэпэр з Маларыты прадстаўляў летась Tuzin.fm cвой EP. Альбом «Сьлёз няма» — ужо другі за 2015 год. Да гэтага быў запісаны рэліз «Увачавідкі». У новую працу ўвайшло 13 беларускамоўных трэкаў, запісаных пры ўдзеле калегаў — рэпэраў Дона Патрона і М4. «Я не пішу пра палітыку, пра НЛА ці яшчэ нейкія падобныя глябальныя тэмы. У маім жыцьці хапае розных праблемаў, таму пяю пра тое, што мяне хвалюе. У альбоме вядзецца пра дачыненьні зь сьветам, барацьбу дабра і зла, паводзіны чалавека ў цяжкіх абствінах, карацей кажучы асабістае жыцьцё», — кажа выканаўца.

Pan кажа, што ўсё робіць сам — піша музыку  і тэксты, запісвае на сваёй хатняй студыі («ціскаю на кнопку Rec і бягу да мікрафона»), апрацоўвае аўдыё і сам здымае відэа. «Я не перажываю наконт нейкай там якасьці я раблю для сябе. Мне больш падабаецца сам працэс. А што будзе далей мяне не хвалюе. Гэта як паспавядацца, толькі я іду не ў царкву, а да мікрафона. Вось і запісаўшы гэты альбом, я скінуў значны цяжар».

Прэзэнтаваць альбом на канцэрце Pan не плянуе — кажа няма на тое сродкаў. Але да супрацы і прапановаў заўжды адкрыты. Сачыць за навінамі выканаўцы можна празь яго старонку.

Tuzin.fm