«Бардаўская восень» чакае заяваў ад індзі- і рок-гуртоў (відэа)
Арганізатары «Бардаўскай восені» заклікаюць зьвярнуць увагу на фэстываль ня толькі ўласна бардаў, але і гурты, якія думаюць, што гэтая падзея не для іх.
«Мы шануем традыцыі, але ўвесь час адкрытыя для экспэрымэнтаў. Таму я часам нават асабіста прапаноўваю падаваць заявы на фэст тым гуртам, якія думаюць, што гэты фэст іх зусім ня тычыцца. Кожны гурт ці выканаўца ў незалежнасьці ад стылю можа зрабіць некалькі песень у акустычным выкананьні і паспрабаваць сябе на гэтым фэсьце», — кажа арганізатар адбору на «Бардаўскую восень» Алесь Кот-Зайцаў. І сапраўды досыць часта ў конкурснай праграме фэсту ўдзельнічаюць рок-гурты з unplugged-сэтам. У 2009 годзе, напрыклад, перамогу атрымаў гурт Re1ikt.
Заявы на ўдзел у фэсьце прымаюцца да 10 верасьня (падрабязьней пра гэта тут). Ужо вызначаная дата адборачнага канцэрту, дзе і будуць абраныя ўдзельнікі конкурснай праграмы «Бардаўскай восені». Ён пройдзе 13 верасьня ў менскім бары «ДК» пры падтрымцы гасьцей — уладальнікаў «Дэбюту году» на прэміі «Героі году — 2014» гурту Leibonik і ўладальніка Гран-Пры «Бардаўскай восені — 2014» Алеся Ясінскага. Уваход на канцэрт будзе вольным.
22-гі фэстываль жывой музыкі «Бардаўская восень» пройдзе сёлета ў Бельску Падляскім, што ў Польшчы, з 6 да 8 лістапада.
Відэа. Сумеснае выкананьне песьні «Я ішоў да цябе» Зьмітром Вайцюшкевічам і Лявонам Вольскім на фэсьце «Бардаўская восень — 2007»
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ