
Vinsent вяртаецца з самотнікам «Жывы» (тызэр)
Выканаўца перарывае трохгадовую паўзу і абяцае сынгл, кліп ды альбом у гэтую восень.
Пра выхад свайго другога альбому таленавіты беларускі сьпявак заявіў яшчэ ў 2011 годзе, але пасьля некалькіх яскравых выступаў сыйшоў у цень. Ужо тры гады як ад яго не чуваць аніякіх навінаў. Музыка за гэты час зьняўся ў якасьці актора ў стужках «Вышэй за неба» і «Жыве Беларусь», пераехаў у Варшаву і вярнуўся назад у Менск. Апошняе відэа зь яго ўдзелам на песьню «Ні кроку назад» мела посьпех у відэачарце на Tuzin.fm два гады таму.
Увосень 2015-га Vinsent мае намер заявіць пра сябе наноў. Ужо запісаны самотнік, практычна гатовы альбом і мантуецца кліп на яго песьню «Жывы» аўтарства рэжысэра Арцёма Лобача. Пакуль выканаўца ня хоча распаўсюджвацца пра свае творчыя намеры і прапануе пачакаць прэзэнтацыі яго новай творчай канцэпцыі пры канцы кастрычніка.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ