R.I.P. Ала Бабкова (1938—2015)
2248 / 0
17.10.2015

R.I.P. Ала Бабкова (1938—2015)

Пайшла ў іншы сьвет Ала Бабкова, кінакрытык, аўтар прадмовы да праекту «Тузін. Немаўля».

Ала Пятроўна Бабкова памерла 15 кастрычніка 2015 году, у 77 гадоў. Яна пасьпела яшчэ парадавацца Нобэлю Алексіевіч. У дзень сьмерці на яе старонцы ў Facebook зьявіўся такі запіс: «Я засталася верная сумленьню. Ня верце нічому — мяне апраменілі на адлегласьці. Сыходжу». 17 кастрычніка зь ёй разьвіталіся родныя і блізкія. Пахавалі на могілках у Атоліне.

Нарадзілася Ала Бабкова 25 студзеня 1938 году ў Ваўкавыску, вучылася ў сярэдняй школе № 2. Скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава. Больш за 20 гадоў працавала рэдактарам і загадчыцай сцэнарнага аддзелу аб’яднаньня «Тэлефільм» на Беларускім тэлебачаньні. У 1970-х выкладала «Гісторыю кіно і тэлебачаньня» ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. У 1990—1997 гадах была сакратаром па прэсе і інфармацыі ў Беларускім саюзе кінэматаграфістаў. З 1998 году — незалежны крытык. Пісала для часопісаў «Искусство кино», «Кинофорум» (Расея), «Историк и художник» (Расея-Польшча), «Мастацтва», «На экранах» (Беларусь) ды іншых. Яна з захапленьнем прыняла ідэю праекту «Тузін. Немаўля» і пагадзілася напісаць прадмову да дыску. У поўнай вэрсіі яна зьмешчана на DVD-выданьні праекту. Яна таксама выступіла з прамоваю на беларускай прэзэнтацыі гэтага праекту на XX кінафэстывалі «Лістапад» два гады таму. Акром таго, спадарыня Ала заўжды падтрымлівала маладых незалежных творцаў, была ў журы кінафэстывалю Bulbamovie ў Варшаве.

Гэта быў вельмі адукаваны, сьветлы і пазытыўны чалавек. Спачуваем родным і блізкім Вольгі Пятроўны. Вечная памяць!

Tuzin.fm