Выйшаў другі альбом The Unlimited Trio — беларускага гурта, які базуецца ў Чэхіі (відэа)
Жывая прэзэнтацыя альбому «Falling into Light» праходзіць у васьмі беларускіх гарадах, а вось у сеціве рэліз выкладаць пакуль не плянуецца.
«Falling into Light» — другі альбом The Unlimited Trio, беларускага гурта, які базуецца ў Чэхіі. У склад трыё ўваходзяць колішнія студэнты беларускага музычнага каледжу Мікіта Крэйн, Ільля Чарнаклінаў і Алесь Ясінскі, баяніст гуртоў BosaeSonca і Vuraj. Гэтую працу, па словах удзельнікаў The Unlimited Trio, можна аднесьці стылістычна да рок-музыкі, але цалкам сыгранай на акустычных інструмэнтах — клясычнай гітары, альце і баяне. «Мы імкнуліся, каб альбом быў драйвовым, доўга абіралі матэрыял, шукалі тое, што на сто адсоткаў будзе адпаведным нашаму настрою і нашым уяўленьням. Ёсьць, праўда, дзьве пранікнёна-лірычныя кампазыцыі, але агульны настрой атрымаўся жывым і энэргічным», — распавёў Tuzin.fm Алесь Ясінскі, які сам займаўся запісам і зьвядзеньнем песень. Альбом вырашана выдаць самастойна, хоць музыкі не адмаўляюцца ад супрацы з лэйбламі. У сеціва выкладаць рэліз пакуль не плянуецца. Набыць «Falling into Light» можна толькі на канцэртах гурту.
У падтрымку рэлізу The Unlimited Trio ўжо далі канцэрты ў Чэхіі і Нямеччыне, а цяпер выправіліся ў тур па Беларусі. Ужо сыграныя канцэрты ў Наваполацку, Магілёве. Наперадзе — Менск (29 кастрычніка, бар «ДК»), Жодзіна (31 кастрычніка, ДК «Равесьнік»), Пінск (2 лістапада, гарадзкая канцэртная заля), Віцебск (5 лістапада, Цэнтар сучаснага мастацтва), а 6 лістапада трыё выступіць у межах кінафэстывалю «Лістапад».
Гэтым летам The Unlimited Trio далі ўжо шэраг канцэртаў у Беларусі. Невялікае відэа пра свой першы тур музыкі прэзэнтуюць на Tuzin.fm.
Яшчэ: The Unlimited Trio. Бязьмежная зона (відэапрэм’ера)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ