«Ягорава Гара» набыла форму і зьмест (прэм’ера альбому)
Гомельскі фольк-гурт выдаў на 3-годзьдзе сваёй дзейнасьці дэбютны альбом.
Ягор Паляшук пачаў музычную кар’еру ў 50 гадоў і за тры гады дасягнуў выдатных вынікаў. Ён стварыў адзін з самых актыўных гуртоў на беларускай фольк-сцэне і заснаваў у Гомелі прадусарскі цэнтар. «Ягорава Гара» мае ў рэпэртуры з паўсотні песень. 14 абраных твораў увайшлі ў дэбютны альбом, які толькі што пабачыў сьвет. «Альбом ставіць кропку ў першым, мабыць самым складаным пэрыядзе існаваньня любога музычнага калектыву. Гэта вынік трохгадовай працы над рэпэртуарам, пошуку музыкаў і вакалістаў, фармаваньня складу. Гэта тры гады экспэрымэнтаў у музыцы. Цяпер магу з упэўненасьцю сказаць: тое, што я задумаў, здабыла форму і зьмест!» — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm Ягор Паляшук.
«Ягорава Гара» выконвае народныя творы, як у варыянце, блізкім да аўтэнтычнага, так і ва ўласных электронных апрацоўках. Часам два-тры, а то і чатыры народныя сьпевы аб’ядноўваюцца ў адну цэласную кампазыцыю. У цяперашні склад гурта акрамя Ягора Палешука, які цалкам адказвае за напісаньне музыкі, аранжыроўкі, зьвядзеньне ды майстарынг, уваходзяць таксама Ірына Глушэц, Зося Музычка, Кацярына Магонава, Тацяна Яжова. Песьні для дыску запісаныя ў Rock-Center studio ў Гомелі, дапамагаў і кансультаваў музыкаў клявішнік Gods Tower і гукарэжысэр Дзьмітры Аўчыньнікаў.
Прэзэнтацыя альбому адбылася 18 лютага ў Гарадзкім цэнтры культуры. На гэтым канцэрце, «Ягорава Гара» засьведчыла сваю прагу да далейшых экспэрымэнтаў — адзін з нумароў яны падрыхтавалі разам з брэйк данс-камандай Look Аround Сrew. Цяпер музыкі шукаюць пляцоўку, каб даць канцэрт у Менску. Сачыць за іх навінамі можна праз афіцыйную суполку.
Яшчэ: «Ягорава Гара». Прачнуцца, каб пабудзіць астатніх
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ