TerraKod выдалі дэбютны альбом: «Мы — новая хваля беларускага фольк-мэталу!» (аўдыё)
Пабачыў сьвет дэбютнік берасьцейскай каманды, які атрымаў назву «Paspality».
У дыск увайшло 12 песень. Разам з ужо вядомымі па сынглах «Myata» і «Rasa.by» трэкамі ў рэліз увайшлі зусім новыя песьні. Музыкі заяўляюць, што прадстаўляюць новую хвалю фольк-мэталу. «Гэтае азначэньне ўзьнікла пасьля рэлізу апошняга сынглу і нам падалося даволі трапным. Сутнасьць яго ў спалучэньні народных тэкстаў з аўтарскімі. Нам утульна ў гэтым філязофскім постмадэрне, але мы не заракаемся ад выкананьня ні чыста народных, ні аўтарскіх песень на будучыню», — заявіў Tuzin.fm з нагоды выхаду альбому вакаліст гурта Байсан. Вакалістка TerraKod Кася Леванюк дадае, што альбом вырашана было зрабіць максымальна драйвовым і шалёным, таму падчас працы над ім было музыкі адмовіліся ад балядаў і лірычных адступаў у песьнях. «Выйшла 100% фольк-мэталу. Без саплей», — рэзюмуе Кася.
Новы матэрыял музыкі прэзэнтуюць ужывую 6 чэрвеня на байк-фэсьце ў Кабылянах, а вялікая прэзэнтацыя альбому заплянавана 13 чэрвеня ў Берасьці з удзелам шэрагу гасьцей, у тым ліку найлепшага рок-гурта Беларусі-2013 па вэрсіі Tuzin.fm Re1ikt. Падрабязнасьці пра прэзэнтацыю — у нашай афішы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ