TerraKod выракаюцца фольку (прэм’ера сынглу)
Берасьцейскі гурт прэзэнтаваў новы рэліз пад назвай «Piracki», куды ўвайшла зусім новая аўтарская песьня, а таксама нечаканы кавэр на «Калыханку» гурту Sciana.
Мэтал-каманда, якая толькі нядаўна абвесьціла сябе «новай хваляй беларускага фольк-мэталу», працягвае пошук сваёй канцэпцыі. З нагоды новага рэлізу «Piracki» музыкі заявілі, што выракаюцца фольку і пераходзяць да аўтарскіх тэкстаў на фэнтэзійную тэматыку ды прадэманстравалі сваё новае гучаньне. Цікава, што другі нумар з сынглу — «Калыханку» гурту Sciana яны вырашылі перакласьці на ангельскую. Вакалістка гурту Кася Леванюк вызначае цяперашні стан гурту, як пераходны. «Мы хочам звацца проста — беларускі мэталбэнд і адысьці ад развагаў пра тое, у якім стылі грае наш гурт. Ня факт, што фольк-складнік зьнікне зусім, але перавагу ўсё ж мы вырашылі аддаць аўтарскім тэкстам», — зазначыла сьпявачка.
Ужывую TerraKod прэзэнтуе свой сынгл на двух выступах у Менску — сольным канцэрце ў TNT 24 сакавіка, на які будзе вольны ўваход, а таксама падчас свайго сэту на канцэрце Gods Tower 25 сакавіка. У красавіку музыкі дадуць канцэрт у родным Берасьці, іх выступ таксама заяўлены на фэсьце «Сьвята Сонца», які пройдзе ў Дудутках 18—19 чэрвеня. Падрабязьней пра канцэрты каманды — у іх афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ