Ferris Wheel і Ўлад Сянкевіч прадставілі альбом «Выбар», зьведзены ў Інданэзіі (аўдыё)
Сярод іншага, у дэбютны рэліз менскай ска-панк каманды ўвайшлі песьні на вершы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.
Гурт Ferris Wheel заявіў пра сябе летась дэбютным самотнікам «Выбар», у запісе якога ўзяў удзел запрошаны госьць — Улад Сянкевіч, які граў у складзе гурту «Ляпіс Трубяцкі», а цяпер выступае з Brutto. Пасьля разавага экспэрымэнту, музыка далучыўся да калектыву ды ўзяў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы поўнафарматнага альбому. Рэліз вырашылі назваць акурат у гонар першага трэку.
У «Выбар» увайшло 8 трэкаў, якія былі запісаныя на менскай студыі BAH Records з гукарэжысэрам Міхаілам Шастаком, а пошук гучаньня завёў музыкаў ажно ў Інданэзію. Менавіта там на студыі Seventh Records іх альбом зьвёў саўндрадусар Джэфры Ірсад. Сярод аўтарскіх твораў па-расейску і па-беларуску, на дыску прысутнічаюць песьні на вершы беларускіх клясыкаў. Песьня «Заўсёды наперад» напісаная на словы Янкі Купалы, а «Маладыя гады» на словы Максіма Багдановіча. «Гэтыя словы нам блізкія, іх прынялі ўсе ўдзельнікі гурту. Мы ня хочам абмінаць пытаньне нацыянальнай ідэнтыфікацыі. І кожны радок тут — парада, дужа актуальная ў наш час», — зазначыў у камэнтары Tuzin.fm вакаліст гурту Андрусь Богдан.
Дата жывой прэзэнтацыі альбому пакуль невядомая. Сачыць за навінамі Ferris Wheel можна празь іх афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
Вельми някепска
КАМЕНТАВАЦЬ