Cмуткуем. У 50 гадоў памёр Зьміцер Саўка, выбітны беларускі мовазнаўца
Зьміцер быў адным з суаўтараў «Беларускага клясычнага правапісу».
Менавіта гэтым зборам правілаў, плёнам працы Зьмітра Саўкі, Вінцука Вячоркі, Зьмітра Санька і таксама ўжо нябожчыка Юрася Бушлякова, карыстаецца Tuzin.fm ад моманту свайго заснаваньня. Пэрыядычна мы зьвярталіся да Зьмітра па моўную дапамогу, было што зацята спрачаліся адносна ўжываньня тых ці іншых словаў — як больш па-беларуску «Трубяцкі» або «Трубяцкой» (ён даў цудоўнае тлумачэньне на гэты конт), як перадаць на нашу мову назву замежнай сацсеткі — «ціўцер» або «тўітэр»? Ён прасіў параіць яму паслухаць музычных навінак, бо хацеў быць у курсе падзеяў, шчыра любіў тое, што зроблена якасна і па-беларуску. У апошнія годы Зьміцер ачольваў моўную службу тэлеканалу «Белсат», вёў праграму «Моўнік», распрацаваў он-лайн-сэрвіс «Добрапіс», празь які можна спраўдзіць правапіс, як афіцыйны, так і тарашкевіцу.
Выбітны мовазнаўцца пайшоў у іншы сьвет на 51-м годзе жыцьця. Ён хварэў на рак. Рэдакцыя Tuzin.fm выказвае шчырыя спачуваньні родным і блізкім Зьмітра Саўкі.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm
Разьвітаньне з Зьмітром Саўкам сёньня, 11.04 з 11.00 да 13.00 у касьцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), пр. Незалежнасці, 44-А
КАМЕНТАВАЦЬ