Ігар Варашкевіч: «Ня бачу сэнсу запісваць новы альбом „Крамы“» (+відэа)
2316 / 0
05.05.2016

Ігар Варашкевіч: «Ня бачу сэнсу запісваць новы альбом „Крамы“» (+відэа)

Альбом «Белая вада» можа стаць апошнім у дыскаграфіі славутага беларускага рок-гурту.

Лідэр «Крамы» заявіў, што ня мае намеру працаваць у студыі над новымі песьнямі. «Ня думаю, што новы альбом „Крамы“ будзе запісаны, бо ня бачу сэнсу ў гэтым: трэба зноў шукаць грошы, хадзіць з працягнутай рукой, каб потым былі незразумелыя рэцэнзіі… Няма ані стомленасьці, ані крыўды, я проста чалавек, які цьвяроза і з іроніяй глядзіць на сьвет. На каго мне крыўдаваць. На самога сябе? Я разумею, што тая музыка, якую мы граем, ня вельмі патрэбная цяпер, таму такія думкі прыходзяць. Думаў, што „Белая вада“ выклікае большы рэзананс, а ён прайшоў непрыкметна, як і кліп на гэтую песьню. Значыць нешта іншае патрэбнае», — сказаў музыка ў камэнтары для Tuzin.fm.

Пры гэтым Ігар Варашкевіч запэўніў, што «Крама» працягне канцэртаваць. Сёлета каманда спраўляе сваё 25-годзьдзе. Вялікі канцэрт з гэтай нагоды з удзелам запрошаных гасьцей заплянаваны на 12 лістапада на пляцоўцы «Прайм-хол».

Апошні па часе «крамаўскі» альбом «Белая вада» выйшаў у 2014 годзе празь перапынак у 7 гадоў. У яго падтрымку гурт зьняў два кліпы — «Дзяўчынка» і «Белая вада», які быў прэзэнтаваны сёлета.

Яшчэ: «Крама». Трэба кліпы здымаць часьцей

Tuzin.fm