
Арганізатараў панк-канцэрту ў Горадні аштрафавалі на 25 мільёнаў рублёў (аўдыё)
Гарадзенскі суд прыняў рашэньне прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці арганізатараў канцэрту лідэра гурта Deviation Стаса Пачобута.
Падставай для такога рашэньня стаў той факт, што зладжаны пры канцы красавіка канцэрт у бары «Андэграўнд», адбыўся без узгадненьня з аддзелам ідэалёгіі Гарадзенскага гарвыканкаму. Падчас гэтага канцэрту адбыўся канфлікт — уладальніцы кавярні не спадабалася песьня «Твой бацька — фашыст» і яна вырвала ў Стаса мікрафон і выключыла сьвятло ў залі, сьведчаць журналісты «Беларускага Радыё Рацыя», якія прысутнічалі на канцэрце.
«Ведаю, што сам „парушальнік“ не атрымаў нават позвы, таму суд адбыўся безь яго. Прысудзілі штраф у 25 мільёнаў рублёў. Стаўленьне ўлады да культуры ў нас нагадвае мадэрнізаваны савок — адны законы замянілі іншымі, але той, хто ня згодны зь лініяй партыі ўсё адно будзе пакараны», — сказаў з гэтай нагоды парталу Tuzin.fm Стас Пачобут.
Гэта быў рэдкі канцэрт на Радзіме лідэра культавага гурту Deviation, які шэсьць гадоў таму пераехаў жыць у Санкт-Пецярбург. Стас прыцягвае пісаць песьні, летась ён прэзэнтаваў акустычны альбом «ТуняяДЗец», неўзабаве абяцае новы рэліз.
Tuzin.fm, фота Радыё Рацыя
КАМЕНТАВАЦЬ