
Зьявілася паслуга па замове канцэртаў беларускіх музыкаў
Цяпер выступы некаторых нашых выканаўцаў можна замовіць он-лайн.
Сэрвіс створаны на базе сайту крамы Symbal.by, якая гандлюе рэчамі і сувэнірамі зь беларускай сымболікай. Гурт або выканаўцу можна замовіць гэтак жа, як кубак і цішотку — у адзін клік. Адразу можна абраць фармат выступу — акустычны ці электрычны і ўбачыць кошт паслугі. Яна складае ад 1,5 млн беларускіх рублёў (акустычны выступ гурту «Liepšy kvas») да 25 млн (электрычны выступ гурту Navi). «Мы спачатку проста прапаноўвалі для карпаратываў выканаўцаў, зь якімі супрацоўнічаем, свой кавэр-бэнд „Арт-сядзіба“ ды беларускамоўнага вядучага, а пасьля прыйшлі да думкі, каб прадаваць гэтыя прапановы як паслугу і адкрыта паказваць хто колькі каштуе», — сказаў у камэнтары Tuzin.fm кіраўнік Symbal.by Павал Белавус. Ён заўважыў, што кошты на выступу вызначаюцца з самімі музыкамі, а сама крама бярэ 10% ад замовы і забясьпечвае ўсю юрыдычную падтрымку.
Пакуль на Symbal.by невялікі каталёг выканаўцаў — у яго ўваходзіць толькі пяцёра. Надалей гэты сьпіс будзе пашырацца. Выканаўцы, якія хочуць быць дададзеныя да яго, могуць зьвяртацца на мэйл symbalby@gmail.com. Умова для ўсіх адна — мець беларускамоўны рэпэртуар і быць гатовым адкрыта паказваць свае ганарары.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ