Port Mone падлучыцца да ветрака, каб запісаць альбом
Музыкі вызначыліся з тэрмінамі і месцам запісу беспрэцэдэнтнага альбому.
Свой трэці альбом «Whisper» («Шэпт») пастанавілі запісаць, выкарыстоўваючы адно толькі энэргію сонца і ветру. Выглядаць гэта будзе так: мабільную студыю далучаць да ветракоў, пасьля запіс пройдзе ў салярным парку. Ужо абранае адпаведнае месца — аграгарадок Пудоўня, што за 30 км ад Магілёву. Гукавую сэсію плянуецца правесьці ў красавіку — траўні 2017 году, а пакуль ідзе збор сродкаў на Talaka.by. Пэўную частку сродкаў на запіс музыкі маюць, дзякуючы перамозе на конкурсе экалягічных праектаў. «З дапамогай ветракоў і сонечнай энэргіі мы хочам засьведчыць існаваньне праблемы культурнай дэградацыі і магчымасьці ўнутрана ёй супрацьстаяць», — гэтак патлумачыў Tuzin.fm сэнс праекту лідэр Port Mone Аляксей Варсоба. Рэліз альбому плянуецца на верасень 2017-га. Таксама будзе прэзэнтаваны фільм украінскага рэжысэра Вадзіма Ількова, які будзе фіксаваць працэс падрыхтоўкі і запісу ўнікальнага альбому.
Папярэдні альбом «Thou» запісаў у лесе пад Менскам, ён быў выдадзены ў Славаччыне і адзначаны брытанскай газэтай The Guardian за пошук новых кірункаў і падыходаў у музыцы.
ЯШЧЭ: PORT MONE — ЗЬ ЛЕСАМ НА «ТЫ» (АЎДЫЁ/ВІДЭА)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ