Гурт «Ойра» распаўся. Музыкі падзяліліся на два праекты (аўдыё)
2685 / 0
06.03.2017

Гурт «Ойра» распаўся. Музыкі падзяліліся на два праекты (аўдыё)

Удзельнікі рагачоўскай панк-рок каманды разышліся на два гурты — the VALERA і «Фандорин».

Гурт «Ойра», раней вядомы таксама пад назваю Sex, нечакана для сваіх прыхільнікаў паведаміў пра спыненьне дзейнасьці. Заснавальнік і бас-гітарыст каманды Валеры Навічкоў паведаміў Tuzin.fm: «Для таго, каб працягваць, мне патрэбна маральна абнуліцца. Мы з хлопцамі перасталі разумець адзін аднаго і глядзець у адзін бок, таму прыйшло разуменьне, што мы ідзем у нікуды. А мне важна дыхаць адным паветрам, знаходзіцца на адной хвалі і быць сябрамі, толькі так можна ствараць нешта, што чапляе людзей». Валеры набраў новых музыкаў ды заснаваў новы праектthe VALERA, у якім зьбіраецца граць у тым ліку песьні свайго аўтарства з рэпэртуару гуртоў «Sex» і «Ойра». Вакалістам і гітарыстам гэтага праекту будзе Антон Вярэніч, пляменьнік знакамітага беларускага гітарыста.

Астатнія два ўдзельнікі «Ойра» Дзьмітры Галавач (вакал, гітара) і Яўген Бурло (бубны) далучыліся да рагачоўскага гурту «Фандорин», які ўжо існуе два гады. «Кожны ў гурце расставіў свае прыярытэты. Мы ня хочам брыдкасловіць у сваіх песьнях, бо ў нас гэта не атрымліваецца так якасна, як у групіроўкі „Ленинград“, ня хочам сьпяваць пра тое, што нас нехта прэсуе, не дае нам жыць, паказвае на нас пальцам ды чамусьці вучыць. Гэта ня так. Лірыка павінна быць шчырай», — патлумачыў у камэнтары для Tuzin.fm сваю пазыцыю Дзьмітры Галавач. Ён зьбіраецца далей выконваць песьні «Ойры» свайго аўтарства разам з новым матэрыялам.

Абодва бакі ў разыходзе бачаць станоўчы момант — цяпер у Рагачове будзе два якасныя музычныя гурты.

Tuzin.fm