Уладзімер Дрындрожык запісаў польска-ўкраінскі сынгл (прэм’ера)
1676 / 0
10.03.2017

Уладзімер Дрындрожык запісаў польска-ўкраінскі сынгл (прэм’ера)

Выканаўца прэзэнтуе на Tuzin.fm дзьве новыя песьні — украінскамоўную «Не кохаю тебе» і польскамоўную «Zdobywcy».

Кампазыцыя «Не кохаю тебе» зьявілася пасьля вандровак і канцэртаў музыкі па Ўкраіне. Уладзімер кажа, што настолькі прасякнуўся блізкай да беларускай мовай, што вырашыў запісаць песьню па-ўкраінску. «Выйшла даволі нечакана, правакацыйна для мяне самога. Бо звычайна гэтых словаў ня кажуць, а тут яны сталі нават прысьпевам», — заўважае выканаўца. Разам з Уладзімерам (вакал, гітара, губны гармонік), у запісе ўзялі ўдзел басіст Сяргей Куцецкі з кавэр-бэнду «Фриланс», а на кахоне сыграў Андрэй Рэксак з славацкага гурту Daniel and the Moravians.

Другая частка сынглу — польскамоўная. Прычым песьня «Zdobywcy» напісаная на верш Алеся Разанава, які на польскую пераклаў Алег Латышонак. «Пазнаёміўся зь ім упершыню менавіта ў перакладзе. І мною мною апанаваў нейкі містычны матыў разам з глыбокім ды пранізьлівым адчуваньнем таго, што трансьлявалася праз аўтара тэксту. Цяпер разумею, што калі б да мяне трапіў спачатку арыгінал вершу, гэтае песьні не было. Альбо была б нейкая іншая, бо ў арыгінале цалкам іншая рытміка», — заўважае сьпявак. У запісе гэтага трэку разам зь ім і Сяргеем Куцецкім узяла таксама ўдзел Тацяна Яжова (джамбе) з гурту «Ягорава гара».

Цяпер Уладзімер працуе над дэбютным рэлізам свайго новага праекту «Дрындрожык-трыё». Папярэдні ягоны гурт «Шэпт срэбра» ўжо не існуе.

Tuzin.fm, фота Алены Казловай