Іх пачуюць стадыёны. Абіраюць найлепшыя беларускія песьні пра футбол (аўдыё)
Стартавала галасаваньне за найлепшыя песьні з праекту «Мова — Музыка — Футбол», які праводзіцца пры падтрымцы Фэдэрацыі футболу Беларусі.
Праект ініцыявала культурная пляцоўка «Арт-сядзіба». «Мы бачым, што беларускай мовы ў футболе становіцца ўсё болей, у нашай зборнай зьявілася назва „Белыя крылы“, палова камандаў з найвышэйшай лігі падпісваюць імёны гульцоў па-беларуску, афіцыйны гімн ФК „Крумкачы“ запісаў Re1ikt, а Naviband паўдзельнічалі ў стварэньні афіцыйнага саўндтрэку песьні для зборнай Беларусі, таму мы прапанавалі фэдэрацыі футболу правесьці конкурс „Мова — Музыка — Футбол“. І яны падтрымалі гэтую ідэю», — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm кіраўнік «Арт-сядзібы» Павал Белавус.
З 20 дасланых песень пра футбол, арганізатары конкурсу адабралі 11 (па колькасьці гульцоў у футбольнай камандзе). Да 26 сакавіка ідзе галасаваньне, па выніках якога з улікам меркаваньня журы будзе складзены рэйтынг твораў. Пераможца атрымае ў якасьці прызу запіс песьні і кліп на яе ад рэжысэра Арцёма Лобача, выступ на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў межах аднаго з матчаў чэмпіянату Беларусі, ратацыю на радыё ды футбольны мяч з аўтографамі гульцоў зборнай. Прадугледжаны таксама прызы за 2-е і 3-е месцы.
Дадаткова «Арт-сядзіба» зьбірае раней запісаныя песьні пра футбол па-беларуску для адмысловай CD-складанкі. Дасылаць іх можна на мэйл artsiadziba@gmail.com. Арганізатары конкурсу спадзяюцца, што песьні з праекту «Мова — Музыка — Футбол» будуць гучаць на беларускіх стадыёнах, а словы зь іх стануць воклічамі заўзятараў.
Яшчэ: Гімн «Крумкачам» ад Re1ikt: «Такое стадыёнам пяяць — мароз па скуры!» (аўдыё)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ