Neuro Dubel і Sciana ў хэдлайнэрах фэсту «Даём рады»
Арганізатары абвесьцілі склад удзельнікаў, якія выступяць на другім фэстывалі-прэміі «Даём рады».
Усяго ў вялікім канцэрце ў клюбе Re:Public 7 лютага возьме ўдзел шэсьць гуртоў. Гэта Neuro Dubel, Sciana, «Дай Дарогу!», Nizkiz, Harotnica і «Тлушч». Арганізатары прэміі з «Эўрарадыё» кажуць, што пры складаньні лайн-апу кіраваліся жаданьнем зрабіць канцэрт у прыпанкаваным фармаце.
Дакладны сьпіс намінацыяў ды ўласна намінантаў пакуль не абвяшчаецца. Але абяцаецца даць рады ў клясычных намінацыях «Гурт», «Альбом», «Выканаўца», «Дэбют», таксама назавуць найлепшых у выключна аўтарскіх намінацыях, сур’ёзных ды жартаўлівых.
Фэст-прэмія «Даём рады» пройдзе ўжо ў другі раз. Летась «Выканаўцам году» быў названы Зьміцер Вайцюшкевіч, прыз «Альбом году» падзялілі між працамі «Дай Дарогу!», Yellow Brick Road і Akute, а узнагароду «Гурт году» атрымалі «Дай Дарогу!» і Akute.
Квіткі на імпрэзу будуць каштаваць ад 110 000 руб.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ