Ірэна Катвіцкая пра ініцыятыву Мінкульту: «Урокі музыкі ў школах могуць пашыраць узровень культуры»
2512 / 0
20.10.2014

Ірэна Катвіцкая пра ініцыятыву Мінкульту: «Урокі музыкі ў школах могуць пашыраць узровень культуры»

Сьпявачка і пэдагог пракамэнтавала на просьбу Tuzin.fm ініцыятыву Міністэрства культуры Беларусі, якое прапануе павялічыць колькасьць гадзінаў па музыцы ў сярэдніх школах.

Міністар Барыс Сьвятлоў выступіў з такой ініцыятывай, бо адчувальныя праблемы ў музычнай сфэры — моладзь не ідзе паступаць на харавыя спэцыяльнасьці, няма кадраў для музычных калектываў і зьмены пэдагогам, што вучаць будучых музыкаў, скарачаецца колькасьць аматарскіх гуртоў, падае прэстыж прафэсіі ў сувязі зь нізкімі заробкамі ў прафэсійных музычных калектывах. Музыку да 2008 году вывучалі з 1-й па 7-ю клясы, цяпер толькі да 4-й, акром таго выключаны прадмет «Айчынная і сусьветная мастацкая культура». Міністэрства прапануе яго вярнуць і аддаваць на музыку больш чым адну гадзіну на тыдзень.

Ірэна Катвіцкая, сьпявачка і пэдагог, чые выхаванцы нядаўна зрабілі фурор у Пецярбургу, кажа: «Усе, хто хоча займацца музыкаю і мае здольнасьці — ідуць у музычныя школы ці студыі. Зацікаўленасьць ёсьць — у маёй музычнай школе конкурс 3—4 чалавекі на месца ў падрыхтоўчую клясу. Прадмет „Музыка“, як і „МХК“ у сярэдніх школах можа толькі пашырыць агульны ўзровень культуры, калі настаўнік будзе не з падручніка чытаць, а паказваць найлепшыя сусьветныя канцэрты і музычныя шоў. Дзецям можа падабацца „свая“ музыка, але яны гатовыя ўспрымаць нешта іншае і новае. Так што ініцыятыва вартая пры належным стаўленьні да прадмету выкладаньня».

Пакуль няясна, ці атрымае працяг ініцыятыва Мінкульту, альбо застанецца проста сумнай канстатацыяй факту.

Tuzin.fm