Усе на Сход! Распачалася кампанія «Сьпяваем беларускія песьні разам!» (відэа)
1901 / 0
05.01.2016

Усе на Сход! Распачалася кампанія «Сьпяваем беларускія песьні разам!» (відэа)

Арганізатары ініцыятывы пад назваю «Сьпеўны сход» ведаюць як навучыць беларусаў сьпяваць свае песьні.

«Беларусы ня ведаюць сваёй музычнай спадчыны і ня маюць магчымасьці вывучаць яе. Мы раскажам пра яе кожнаму ахвочаму і разам вырашым гэтую праблему», — заяўляе арганізатар «Сьпеўнага сходу» Аляксей Чубат, які абвесьціў на самым пачатку 2016 году пра старт кампаніі «Сьпяваем беларускія песні разам!». Яе мэта — за два месяцы сабраць сродкі на правядзеньне пяці «Сьпеўных сходаў»: тры ў Менску і два — у Віцебску і Берасьці. Неабходная сума — каля 40 мільёнаў рублёў.

За час свайго існаваньня «Спеўны сход» правёў 17 буйных мерапрыемстваў і шэраг невялікіх. Кожны з «Сходаў» мае сваю тэматыку: дзіцячыя песьні, калядныя, традыцыйныя, часоў ВКЛ, сьпевы з Вушаччыны, сабраныя Рыгорам Барадуліным, нават рамансы Агінскага пяяліся. Развучваюцца песьні пад кіраўніцтвам пэдагогаў — знаных беларускіх музыкаў. «Сходы», якія плянуюцца надалей, мяркуецца прысьвяціць беларускім песьням першай паловы ХХ ст. і — асобна — другой паловы, а таксама песьням філяматаў і філярэтаў.

Як дапамагчы словам, справай або матэрыяльна можна дазнацца на старонцы кампаніі на сайце Talaka.by.

На апошнім «Сьпеўным сходзе» развучвалі песьню «Новая навіна» разам з вакалісткай, кампазытаркай і выкладчыцай Ірэнай Катвіцкай.

Tuzin.fm