У Горадні забаронены канцэрт польскага гурта Lombard (відэа)
2187 / 0
24.07.2015

У Горадні забаронены канцэрт польскага гурта Lombard (відэа)

Мінулы прыезд вядомага гурта скончыўся судом над арганізатарамі, а сёлетні канцэрт наогул забаранілі.

Першапачаткова на канцэрт Lombard у Горадні мясцовыя ўлады далі дазвол, але потым зьмянілі сваё рашэньне. «Легендарны польскі гурт сваёй творчасьцю нагадвае пра рух „Салідарнасьць“, які змагаўся супраць камунізму. Гэта занадта радыкальна для нашых уладаў. Заўсёды рок быў музыкай супраціву, і гурт „Ломбард“ адзін з найбольш яскравых польскіх прадстаўнікоў гэтага кірунку. Вось гэтыя фактары і сталі нагодай, каб адмяніць канцэрт. Відаць, больш цікава рабіць канцэрты расейскай папсы, бо гэта бяскрыўдна», — цытуе словы арганізатара Ігара Банцара Радыё Рацыя. Забарона на выступ зьвязваецца з тым, што музыкі хацелі прысьвяціць свой выступ Саюзу палякаў у Беларусі, які не прызнаюць афіцыйныя ўлады.

Lombard — гурт з 34-гадовай гісторыяй, пік папулярнасьці ў Польшчы на іх прыйшоўся ў 80-х — пачатку 90-х . Галоўны гіт каманды «Przeżyj to sam» у 2006 годзе перасьпявала па-беларуску Кася Камоцкая для праекту «Салідарны зь Беларусьсю». Lombard гралі ў Горадні двойчы — у 1988 годзе і ў 2008-м. Пасьля іх апошняга прыезду арганізатарку канцэрту Анжаліку Борыс судзілі, яна атрымала буйны штраф за «арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства», штрафы таксама былі прысуджаны двум гледачам — «за актыўны ўдзел».

Яшчэ: SP Kava пра Onyx, забаронены ў Беларусі: «Яны бязьлітасныя і жорсткія, і ў гэтым іх разынка»

Эркі Сэпянэн з забароненай у Беларусі групы Kypck: «Прыемна, калі хочуць зразумець глыбіню тваёй творчасьці»

Tuzin.fm