
Гурт Nexta перасьпяваў «Огоньки» па-беларуску: «Новы год больш не прыносіць радасьць» (відэа)
Музыкі прадставілі лірык-відэа на беларускі кавэр песьні гурта «Ляпіс Трубяцкі», якая ў іх вэрсіі атрымала назву «Фаервэрк».
«Агульная ідэя песьні такая, што часам, каб пачаць усё спачатку, дастаткова проста растаць, але ў кліпе зроблены акцэнт на тое, што Новы год больш не прыносіць радасьць і задавальненьне. Ужо не чакаеш чагосьці новага ад перагортваньня календара. Хочацца проста легчы, заплюшчыць вочы і адпачываць усе вольныя дні», — кажа прадстаўнік гурта Сьцяпан. Nexta — ананімны гурт, яго ўдзельнікі не раскрываць сваіх імёнаў і публічна пакуль не выступаюць. Дэбютавалі яны зь песьні «Выбора нет» — сваёй інтэрпрэтацыі вядомага гіта гурта «Сплин». «У нашым гурце некалькі чалавек, аб’яднаныя агульнымі ідэямі, якія потым ператвараюцца ў кантэнт. У нас няма плянаў і канцэпцыі. Мы робім усё спантанна», — заяўляюць музыкі. Песьню гурта «Ляпіс Трубяцкі» яны вырашылі перакласьці на беларускую і засьпяваць, бо лічаць яе адной з самых прыгожых у творчасьці гурта Міхалка. Кажуць, што імкнуліся зразумець яе экзыстэнцыйны сэнс.
Гурт мае намер і ў далейшым рабіць ухіл менавіта на відэа. Сачыць за навінамі Nexta можна праз афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ