«Схавацца ў тумане і выйсьці ў іншай краіне». Ільля Фаляжынскі выдаў дэбютны альбом (аўдыё)
У першы дыск выканаўцы ўвайшло 11 кампазыцыяў. Праца над ім вялася цягам двух гадоў.
Альбом мае назву «Схавацца ў туман». Запіс песень, зьвядзеньне і майстарынг адбыліся ў студыі «Mapletree Studio» з гукарэжэсэрам Алегам Даманчуком. Акрамя Ільлі Фаляжынскага ў працы ўзяў удзел Зьміцер Матуйза, удзельнік кавэр-бэнду All Right Mama. Ён запісаў партыі шэйкера амаль для ўсіх песень і сола-гітары для загалоўнай. Уся музыка і словы належаць аўтарству Ільлі, акром песьні «Хуткай дапамогі сьцяг» на словы паэткі Кацярыны Массэ. Яна была запісаная для конкурсу «Засьпявай 3.0». У дызайну дыску скарыстаныя карціны і фотаздымкі маладой мастачкі Агаты Гарэзы.
«З самога дзяцінства мяне прывабліваў туман. Узьнікалі думкі, што калі ўвайсьці ў яго, то можна выйсьці ўжо зусім у іншым сьвеце, у іншы час, у іншай краіне. Зьбегчы ад штодзённасьці, пакінуўшы ў ёй усе праблемы і хваляваньні. У нейкім сэнсе, для мяне мая музычная творчасьць зьяўляецца гэтым туманам, бо дазваляе падняць сабе настрой і атрымаць унутраныя сілы. Безь яе ўжо не ўяўляю свайго жыцьця», — сказаў з нагоды прэм’еры Tuzin.fm Ільля Фаляжынскі.
У будучыні выканаўца хоча паспрабаваць сабраць гурт. Першы крок да гэтага будзе зроблены на прэзэнтацыі альбому «Схавацца ў тумане», дзе Ільля ўпершыню прадставіць свае песьні ў фармаце трыё. Канцэрт пройдзе 17 верасьня ў Менску. Падрабязнасьці ў нашай афішы.
Яшчэ: Дэбют на Tuzin.fm! Ільля Фаляжынскі. Да гарбаты зь любоўю
Tuzin.fm, фота Агаты Гарэзы
Паслухайце тэмку "схавацца у туман"
КАМЕНТАВАЦЬ