Dzivia прэзэнтаваў эпічны самотнік (аўдыё)
2376 / 0
28.09.2016

Dzivia прэзэнтаваў эпічны самотнік (аўдыё)

У запісе сяміхвіліннай кампазыцыі «Ватага» выкарыстоўваецца мноства інструмэнтаў, а вакалы для яе запісалі пяцёра выканаўцаў.

Лідэр Dzivia Артур Матвіенка кажа, што ў сваім праекце ён стварае сымбіёз этнічнага і акадэмічнага гучаньня. Таму ў новай кампазыцыі «Ватага» прысутнічаюць, як аркестравыя, так і этнічныя інструмэнты — некалькі відаў дудаў, у тым ліку беларуская, паўночныя інструмэнты тальхарпа і ёўхіко, а таксама мандолы, бузукі, хардзі-гардзі ды вялізная колькасьць разнастайных флейтаў. Экстрым вакал належыць Ігару Кавалёву, вакалісту гуртоў The Burner i Nebulae Come Sweet ды Алегу Зелянкевічу з гурту «Vojstrau». Чыстыя вакальныя партыі запісалі сам Артур, Эльвіра Сцельмашук (Omut, Folсore) і Марыя Філіповіч.

«У кантэксьце гэтага твору „Ватага“ — гэта і хеўра людзей, якія аб’ядналіся для нейкай мэты, і ваўчыная зграя. Гэтыя два сэнсы ўвесь час перасякаюцца ў лірыцы. Таксама тэкст мае мноства адсылак да старажытных тэкстаў ды перафразаў, якія амаль аналягічныя скандынаўскім кёнінгам», — патлумачыў Tuzin.fm аўтар кампазыцыі. Ён заўважыў, што гучаньне многіх інструмэнтаў будзе лепш раскрыта на альбоме, праца над якім цяпер вядзецца.

Самотнік запісаны з дапамогай Антона Шніпа, музыканта гуртоў Irdorath і Serdce. А вокладку намаляваў мастак Павал Казлоў, які супрацоўнічаў з Irdorath.

Самотнік «Ватага» можна набыць на iTunes. Cачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm