Канцэрт Касі Камоцкай не дазволены (абнаўляецца)
Сытуацыя з канцэртам Касі Камоцкай застаецца нявысьветленай за дзень да выступу.
Квіткі на яе канцэрт працягваюць прадавацца на сайце Kvitki.by, у той жа час згадка пра гэтае мерапрыемства адсутнічае на сайце КЗ «Менск». Блогер Севярын Квяткоўскі напісаў у сваім Facebook, што канцэрт так і ня быў дазволены. Арганізатар выступу Павал Кашырын пакуль не на сувязі, як і сама Кася Камоцкая. Па інфармацыі Tuzin.fm яна цяпер знаходзіцца ў Літве. Раней Кася паведамляла нашаму парталу, што яе выступ быў узгоднены зь менскімі ўладамі.
Выступ сьпявачкі меўся быць першым афіцыйным канцэртам у Менску за апошнія 10 гадоў. Мінулы раз Кася давала сольны канцэрт на вялікай сцэне ў кастрычніку 2004-га ў Доме літаратара (той выступ выйшаў на CD пад назвай «Новае Неба — Акустыка»). Першапачаткова канцэрт у малой залі КЗ «Менск» плянаваўся на 26 лістапада, але праз тое, што гастрольнае пасьведчаньне было атрымана запозна, быў перанесены на 10 студзеня.
Tuzin.fm сочыць за разьвіцьцём падзеяў. Уся новая інфармацыя будзе дадавацца ў камэнтарах.
Tuzin.fm
Каса КЗ Менск: Канцэрт адменены, усе пытаньне да арганізатараў
Адміністрацыя КЗ Менск: выступу Касі Камоцкай 10.01 у малой залі КЗ Менск не плануецца. Прычыны адмены мерапрыемства не называюцца
Kvitki.by: Афіцыйнай інфармацыі пра адмену канцэрта Касі Камоцкай у малой залі КЗ Менск 10.01 не паступала. Квіткі ёсьць у продажы, ад арганізатараў інфармацыі аб адмене не паступала.
Кася Камоцкая ў камэнтары для Tuzin.fm: "Па той інфармацыі, якую перадалі мне, на канцэрт няма дазволу, нягледзячы на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня ад аддзьдзелу ідэалёгіі Менгарвыканкаму. Адміністрацыя КЗ Менск заявіла, што падпарадкоўваецца не выканкаму, а адміністрацыі прэзыдэнта і не дала дазвол на правядзеньне. Арганізатар сказаў, што будзе шукаць новую залю".
Адміністрацыя КЗ Менск інфармацыю пра адмену/забарону канцэрту Касі Камоцкай не камэнтуе і адсылае да арганізатара Паўла Кашырына. Той слухаўку пакуль не бярэ і на SMS-паведамленьні не адказвае.
Кася Камоцкая: "Калі раптам высьветліцца, што канцэрт 10.01 усё ж такі будзе, я гатова сыграць".
Каса КЗ Менск: Мы не прадаем квіткі на Касю Камоцкую ўжо даўно, ня ведаем чаму іх прадаюць Kvitki.by
Кася Камоцкая: Размова пра адмену канцэрту з арганізатарам была яшчэ да Новага году, пасьля чаго былі спробы знайсьці іншае месца для канцэрту.
Арганізатар канцэрту Павал Кашырын у камэнтары для Tuzin.fm: "Канцэрта ў малой залі КЗ Менск Касі Камоцкай сапраўды ня будзе. Мы ня здолелі канчаткова дамовіцца з заляй. Былі спробы дамовіцца з іншымі месцамі, але яны плёну не прынесьлі. Новай даты і новага месца канцэрту няма".
У пытаньні вяртаньня квіткоў можна зьвяртацца да арганізатара - +375 29 6715865
КАМЕНТАВАЦЬ