У Салігорску забаранілі канцэрт гурта «Разьбітае сэрца пацана»
2705 / 0
15.02.2014

У Салігорску забаранілі канцэрт гурта «Разьбітае сэрца пацана»

Гарадзкія ўлады настойліва параілі арганізатарам не праводзіць канцэрт менскай каманды.

«РСП» мусілі даць канцэрт у мясцовым Skyy Bar, але літаральна ў дзень канцэрту стала вядома, што іх выступ не адбудзецца. Як стала вядома парталу Tuzin.fm прадстаўнікі гарадзкіх уладаў выказаліся супраць правядзеньня мерапрыемства. Нягледзячы нават на тое, што арганізатары мелі гастрольнае пасьведчаньне на гэты канцэрт. «Кіраўніцтва дома культуры, у якога арэндуе памяшканьне Skyy Bar, папрасіла нас канцэрт не праводзіць. Ім не спадабалася, як пазыцыянуе сябе гурт. І мы нічога ня можам зрабіць, нават маючы гастрольку», — кажа арганізатар канцэрту Аляксандар Дзелянко.

14 лютага «Разьбітае сэрца пацана» далі аншлягавы канцэрт у клюбе «Цэнтар», што месьціцца ў менскім Палацы рэспублікі. Ніякіх праблемаў у арганізатараў не паўставала. «На пэрыфэрыі людзі больш падстрахоўваюцца, бо баяцца згубіць свае месцы. Я бы параіў салігорскім чыноўнікам ды ўсім, хто баіцца, каб абы чаго ня выйшла, прыйсьці на наш канцэрт і пераканацца, што аніякай парнаграфіі ды іншых небясьпечных рэчаў там няма», — заявіў Tuzin.fm удзельнік «РСП» Павал Гарадніцкі.

16 лютага ў гурта заплянаваны канцэрт у Гомелі, 2 сакавіка ў Менску, а 26 сакавіка ў Маскве. Некалькі дзён таму гурт прадставіў новую песьню «Что-то не так», якая выклікала вялікі розгалас у сеціве.

SB, Tuzin.fm