«Перазагрузка» афіцыйна выкладзеная ў Soundcloud (аўдыё)
Унікальны праект парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» цяпер даступны для праслухоўваньня на плятформе Soundcloud.
У праекце «Тузін.Перазагрузка» (2009) узялі ўдзел культавыя небеларускамоўныя артысты зь Беларусі, якія прасьпявалі свае галоўныя гіты па-беларуску. Такім чынам зьявілася беларуская вэрсія песьні Naka «Бяжы», «Трыюмф волі» Сяргея Пукста, «Запалкі» Дакоты. Свае песьні для праекту запісалі таксама Atlantica, «Серебряная свадьба», «Стокс», Tanin Jazz, Da Vinci, «Сердце дурака», «Нестандартный вариант», Hair Peace Salon і нават беларускі ўдзельнік дзіцячай «Эўравізіі» Юра Дземідовіч. «Тузін.Перазагрузка» быў прызнаны «Праектам году ў беларускай музыцы» на цырымоніі «Рок-Каранацыя-2009».
У другой частцы праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» (2011) узялі ўдзел замежныя выканаўцы, якіх маюць беларускія карані альбо зьвязаны з нашай краінай сяброўскімі пачуцьцямі. Сярод іх пераможца «Эўравізіі-2009» Аляксандар Рыбак, найлепшы рок-гурт Расеі-2011 «Мумий тролль», зоркі ўкраінскага року «Воплі Відоплясова», малдаўскі гурт Zdob si Zdub, заслужаная артыстка Расеі Алена Сьвірыдава ды іншыя. Другая «Перазагрузка» таксама была названая «Музычным праектам году» ў Беларусі, цяпер ужо па вэрсіі Ultra-Music.
Прадусары праекту не выключаюць, што праект «Перазагрузка» неўзабаве можа атрымаць працяг. Але канкрэтнай інфармацыі пакуль не абвяшчаецца.
Цяпер усе песьні зь дзьвюх частак «Перазагрузкі» зьявіліся на он-лайн плятформе Soundcloud. На афіцыйным акаўнце парталу Tuzin.fm плянуецца і надалей выкладаць абраныя і новыя запісы беларускіх і замежных беларускамоўных выканаўцаў. Далучайцеся!
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ