Міхалу Анемпадыставу — 50 гадоў! (відэа)
2440 / 0
16.03.2014

Міхалу Анемпадыставу — 50 гадоў! (відэа)

Аднаму з стваральнікаў беларускай рок-паэзіі, аўтару знакавых беларускіх песень у выкананьні гуртоў «Новае Неба», N.R.M., IQ48 і «Народнага альбому» Міхалу Анемпадыставу споўнілася 50 гадоў!

Міхал Анемпадыстаў — дызайнэр, графік, паэт, публіцыст, фатограф. Нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 году. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні (1979—1983), удзельнік суполкі «Майстроўня». Ён працуе ў галіне плякату, ужытковай і станкавай графікі, фатаграфіі і графічнага дызайну, зьяўляецца сябрм праўленьня Беларускага саюзу дызайнэраў. Яго творы экспанаваліся на выставах з 1987 году, першая пэрсанальная выстава Міхала адбылася ў 1993 годзе ў Бэрліне.

Анемпадыстава можна лічыць адным з стваральнікаў нацыянальнай рок-паэзіі. Тэксты на яго вершы ўвайшлі ў рэпэртуар Касі Камоцкай і гурта «Новае Неба» (самыя вядомыя — «Мая краіна», «Чаканьне Калядаў», «Цэпэліны»),  гурта N.R.M. («25, 26, 27…», «Lalalala»), Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48. Ён аўтар канцэпцыі і тэкстаў да «Народнага альбому» (1997), названага альбомам году ў беларускай музыцы на «Рок-Каранацыі». Таксама на гэтай цырымоніі быў адзначаны за «Ўнёсак у беларускую музыку» (1996), «Тэксты году» (1997) і спэцпрызам БАЖ (1997). Менавіта ён пераклаў польскія гіты часоў Салідарнасьці для праекту «Салідарны зь Беларусьсю». У 2006 годзе партал «Тузін Гітоў» прызнаў Міхала Анемпадыстава «Чалавекам году» — песьня ў ягоным перакладзе з польскай «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Лявона Вольскага ды Ігара Варашкевіча стала гітом году, у лік найлепшых песень трапіла таксама «Схаванае сэрца» яго аўтарства ў выкананьні гурта IQ48. З гэтай нагоды быў праведзены «Бэніфэст Анемпадыстава» з удзелам шэрагу гуртоў і выканаўцаў, зь якімі супрацоўнічаў Міхал.

Tuzin.fm віншуе юбіляра і зычыць яму плёну і шчасьця на доўгія гады.

На фота: Міхал Анемпадыстаў падчас службы ў войску, 1984 год

Tuzin.fm

У 1999 годзе супольны музычны праект «Народны альбом» аўтарства Анемпадыстава трапіў у лік галоўных культурных падзеяў году ў Польшчы па вэрсіі «Gazety Wyborczej». Гэты запіс зроблены Польскай тэлевізіяй якраз у 1999-м у старым горадзе Кракава.